Pavel Chumakou

Якуб Колас

ДЗЕД і МЯДЗЬВЕДЗЬ

        І

Кажа дзеду баба:

„Дзеду, з хлебам слаба—

Едзь у млын ты, дзедка!“

Млын ня страшан дзеду.

— Трэба, дык паеду,

Бабка, мая кветка!

Дык гатуй сьняданьне—

Менш завозу зраньня,

Справа, бач, такая.

Паліць баба ў печы,

А дзед грэе плечы,

Сьнеданьня чакае.

        ІІ

Скавародка

Ходзіць лётка,

Спрытна ў бабіных руках.

Тыя-ж дровы

Роняць словы—

Трах-та-тах!

Трах-та-тах!

Скваркі ў печы

Штось дарэчы

Шэпчуць тэй скаварадзе,

А старэчы

Каля печы

İм і сам у тон гудзе.

        ІІІ

Дзед пасьнедаў ёмка,

Нават ікнуў громка.

Вось прыбраў наш дзед калёсы,

Колы дзёгцям квацануў,

Нацягнуў тужэй атосы,

Шчыльней загваздкі заткнуў.

İ мяшкі паклаў дзядуня—

Дуж дзядок быў і здароў,

Па кабылу звольна суне,—

Дзед гарачкі не пароў.

А была-ж у дзеда

Кабыліца гнеда,

Белагрывая,

Памаўзьлівая.

        IV

Вышаў дзед, кабылу кліча:

„Кось-кось-кось!“

Ды „кось-кось-кось!“

Выган, гай прайшоў наскрозь,

Бо каб лін ведаў звычай.

Эх, кабылка, воўча мяса,

Ну, і шкодніца-ж яна!

Так і шворыцца адна,

Лезе ў шкоду самапасам.

А бадай-жа яе качкі!

Трэба ў млын, яе-ж няма!

Час той зводзіцца дарма

З-за кабылкі, з-за лайдачкі.

Дзед ідзе, а цемнавата.

Зірк—у грэчцы ходзіць штось.

„Знаю нораў твой нябось

İ натуру твайго брата!

Патравіла грэчку троха…

Пачакай-жа, памаўзоха!“

Скраўся дзед і—хоп за грыву,

Ды вярхом і ў бок штурхець!

Як раўне-ж пад ім мядзьведзь!

Як памчыцца ў лес праз ніву!

Як задасьць ён ла-та-та!

Прэ мядзьведзь наўскапыта.

А дзед бедны—дух у пятах.

Учарэпіўся за хіб,

Зьвера пынячы, ахрып.

„Тпррру, спыніся! стой, пракляты!

Тпру, мядзьведзік! бэч, мядзьведзь!“

А мядзьведзь—цялеп-кульгець!

Толькі мордаю трасе,

Дзеда ў лес імчыць-нясе!

        V

İ набраўся-ж страху

Дзед з сваім мядзьведзем!

Гэтак даў ён маху—

Сьмех сказаць суседзям!

Як ён не разгледзеў

Ды сеў на мядзьведзя!

Беглі ельнякамі—

Біўся лес сукамі,

А галінкі-лапкі

Зьбілі дзеду шапку,

Аб бярозу-вітку

Разадраў дзед сьвітку,

А аб пень дубовы

Г з набіў здаровы.

Бачыу лес пацеху,

Дзеду-ж не да сьмеху.

Пазіраў з бярлогу

На іх вепр іклаты.

Уступаў дарогу

İм сам лось рагаты.

Цокала вавёрка

Ад такога дзіва,

Нават воўк з узгорка

Лыпнуў вокам скрыва.

А як зайчык згледзіў

Дзеда на мядзьведзі,

Ад тэй небясьпекі

Кінуўся наўцекі.

Злодзей тхор-выжыга

Толькі выскаляўся,

А лісок, псялыга,

Со-сьмеху качаўся.

„Ой, зьвяры, вы, мае братцы“

Памажэце мне сьмяяцца!“

    Гасаў мядзьведзь, гасаў,

Насіў дзядка, насіў,

Аж сам сябе кусаў,

На ўвесь лес галасіў.

Зачапіўся лапцем дзед

За корч-патарчаку,

Адчыніўся тады сьвет

Дзеду-небараку.

Выпусьціў мядзьведзя з рук,

Гопнуўся, завохаў,

Расьпасьцёрся, бы япрук,

На зялёным моху.

„Вось брыда, мядзьведзь!

Адкараскаўся ледзь!

А бадай ты спрах!..

Аж гудзе ў вушах!“

        VI

Прышоў дзед дахаты,

Ціхі вінаваты.

İ спытала бабка:

„А дзе твая шапка?

Як табе ня брыдка—

Разарвана сьвітка!

Ой, ты дзед-дурыла—

У хляве кабыла!

Дык вазьмі за нораў—

Не хадзі за горы,

А перш каля носу

Пашукай ты лёсу.

    ДЗЕД

Скажы дзякуй, баба,

Што прынёс я драбы!

    1926 г.