Якуб Колас
İГРЫШЧА
І
У карчомцы грук вялікі,
Гоман шумны, малады…
Ну й музыкі-ж, дык музыкі!
Скуль прыйшлі яны сюды?
Як засыплюць, як заграюць,
Мо-б і хворы ня ўтрываў!
А скрыпач ды як уярыць—
Проста чорт ім кіраваў!
Як шалёны, смык лятае,
Скрыпка-ж голасна зьвініць,
Ну дзівота: як жывая,
От, здаецца, гаманіць:
„Тупай, тупай, весяліся,
Прапіў грошы, ня журыся.
Няма грошай, што парадзіць,
Калі нам нідзе ня вадзіць!“
А другая скрыпка тонка
Як заграе, як утне
Дробна-дробненька ды звонка,
Ну, аж скуру шаргане:
„Ці-лі-лі, ці-лі-лі!
Усе веселы былі,
Выпівалі і скакалі,
Ракам ганачку шукалі.
Не валяйся, брат, пад плотам
З адным лапцем, з другім ботам!
Эй, Сымон, Сымон, Сымон!
Не валіся на загон!“
İ басэтля бяз упынку
Ўсё раве і ўсё раве,
Пеклам робіць вечарынку,
Аддаецца ў галаве:
„İ ня далей, як у дзень,
Ты маўчала, як той пень,
А цяпер ты—дубам дуб.
Тупу-тупу! тупу-туп!
Гух, як басам зараву,
Дык аж струны перарву.
Ты паслухай, Апанас,
Што за голас, што за бас!“
Рэпіць дудка, не даецца,
Адатне ды зноў пачне.
Як зальлецца, як зальлецца,
Проста сэрца страсяне:
„Не дарую,
Не дарую,
Бо нашто ты
Браў старую?
İ старую
İ рудую…
Засярдую,
Засярдую!“
Хлопцы ног не шкадавалі.
„Гэй, Паўлюк! вярні-валі!“
İ кружыліся, ляталі,
Нібы тыя матылі.
А дзяўчата—макаў цьвецік,
Шчокі ружамі цьвітуць.
Аддасі ты ўсё на сьвеце,
Як чарамі аплятуць.
А як пойдуць яны ў скокі—
Кроў гарыць, ну, любата!
İ хоць сам скакаць ня дока,
Але дол таўчэ пята.
Кончаць танцы, адпачынуць,
Пот музыкі абатруць.
Хлопцы-ж проста ў сьнезе стынуць,
Потым зноў у скокі пруць.
ІІ
У карчму зімовым часам
Валам ціснуўся народ,
Забаўляўся самапасам
Дні і ночы напралёт.
Моладзь ладзіла ігрышча,
Людзі сталыя—банкет,
А другі няшчасны шкет
Проста так сабе пасьвішча.
Ды затое-ж якіх толькі
Не нагледзішся тут штук!
Тут і вальсы, тут і полькі,
Гоман, жарты, сьмех і гук,
Асабліва ў часе скокаў,
Ну, як, прыкладам, цяпер,
Калі ўвесь натоўп галёкаў
На свой лад, на свой манер.
Ды, сказаць, было і трудна
Лад, спакой тут захаваць:
Як пачнуць музыкі граць,
Загізуе і марудны!
Ды ня дзіва, што старога
Падбіваў чорт Базыля.
— А паслухай ты, нябога:
Жарнеш, га? мы „каваля?“—
İ пад бок штурхець Кандрата!
— А што думаў ты? давай!..—
İ Кандрат устаў заўзята.
— Гэй, музыкі, залівай!
На хвілінку ўсё замерла
Ад басэтлі да дуды:
Што скакаць ім так прыперла
У старэчыя гады?
— Грайце, хлопцы!—Базыль крыкнуў.
— Каваля!—гукнуў Кандрат
Ды адразу як падбрыкнуў,
Расьсьмяшыў усіх дзяўчат.
Стаў Кандрат з Базылём
Пасярод карчомкі.
Валасамі-гальлём,
Нібы тым памялом,
Страсянулі ёмка.
То адзін, то другі
Плячуком ускіне.
Рукі іх—лук тугі,
Постаці іх ногі
У належным чыне.
Тупнуў першы Базыль
Ды падаўся ўправа,
Заламаў на бок брыль
İ мільгнуў, як матыль,
Спрытна і рухава.
İ Кандрат яму ў лад
Зачынае хвацка,
Аж халат, рад ня рад,
İдзе ўперад, назад,
Як і шапка-пляцка.
İ пашлі гаварыць
Ногі, як віхура.
Скуль у іх тая прыць!
Ну, здаецца, гарыць
На іх сама скура!
Ну, і шум быў тут, шум,—
Не давядзі божа!
Пляскаў сват, пляскаў кум.
Падняў шурум бурум
З радасьці Амброжы:
Узабраўся на стол,
Лапцямі тупоча,
Крышыць, ломіць, бы вол,
Полы горне ў прыпол—
Танцаваць сам хоча!
Людзі сталых гадоў
Проста лезьлі з скуры
İ на сотні ладоў
Выхвалялі дзядоў,
Здольнасьць іх натуры.
А яны, скакуны,
Поўныя запалу,
Як блазны-буяны,
Рэпяць—пот льле буйны,
Здабываюць хвалу.
То назад, то ўпярод…
Скончаць—пачынаюць…
Б’юць далонямі ў бот,
Ды ў адзін той заход
Яшчэ й выцінаюць:
„Ой, ты, куме, мой кумок!
Бадай табе трасца ў бок!
А бадай ты не даждаў:
Дзе ты ўночы прападаў?
Ці ня быў ты у Цацэлі
Або ў Тэклі ці ў Марцэлі,
Або можа у Югалі?
Дзе чарты цябе ганялі?
— Ой, кума! нашто той глум,—
Джургануў чупрыну кум,—
Такіх краль нідзе няма,
Як ты, мілая кума.
Да цябе я бег, сьпяшаўся,
Ды мой лапаць разьвязаўся.
Не зьвязаў-бы я абору,
Ды мне бог паслаў Тадору.
Ой, Тадора! ой, кума!
Задушыла-б вас чума!
Ці-ж ня глум над нашым братам—
Узвадзіць паклёп дарма?“
— Малайцы, Базыль з Кандратам!—
Загрымела ўся карчма
ІІІ
Але ў самы разгар скокаў
Шусь у карчму з кіем поп!
Ня спускаў ён „стада“ з вока,
Настаўляў яго на троп.
А за ім сінкліт царкоўны:
Дзяк і стараста, званар…
Строгі бацька быў духоўны,
Ня любіў чартоўскіх чар!
Асабліва ў дні сьвятыя,
Калі забаўкі пустыя
İ рознае дрэнства
Не даюць папу даходу
İ становяць перашкоду
Ў справе набажэнства.
У карчомцы людна, густа,
А ў той божай цэркве пуста—
Поп ды дзяк той, дылда.
İ твайго там „алілуя“
Ніхто нават не пачуе,—
Ці-ж папу ня крыўда?
Поп прышоў сюды, каб словам
Чортаў сьверб ахаладзіць
İ ўдзябці дурным галовам,
Як на сьвеце трэба жыць.
Ён ня раз ужо з амбону
Бічаваў парафіян,
Непаслушных хрысьціян.
Даставалася Лявону
İ Пятрусю і Сымону
За чартоўскі чмут, туман,
Бо яны ўсе—конаводы,
Звадыяшы,
İ ня зварыш з імі кашы
З-за іх гэтай новай моды.
Адшчапенцы, недаверкі
İ расколы!
İх заўсюды у царкве гола,
Грош ня кінуць у талерку!
Не паставяць богу сьвечкі,
А на скокі,
На ігрышча яны докі,
Шалудзівыя авечкі!
Эх, Лявон, Лявон, Лявон!
Падбухторшчык першы ён.
А Лявон быў шыт ня лыкам,
Не спалохаўся папа:
Падышоў, маргнуў музыкам—
— А ну, хлопцы! гопа-па!
Барабан забіў трывогу,
Бубен дробна забрашчаў
İм басэтля на падмогу.
Смык заядла запішчаў
Ды як грымнулі, загралі—
Скура шорхнула ва ўсіх,
İ старыя ня ўтрывалі,
Як-бы чорт задрэнчыў іх:
Сівы Тодар на заслоні
Стаў плячыма вырабляць,
Янка пляскае ў далоні,
Ногі-ж просяцца гуляць.
Поп, вайшоўшы з-за парога,
Адчыніў быў грозна рот,
Дый застыў ён так, нябога
İ папаў у пераплёт.
А музыкі не змаўкаюць,
Задаюць ды задаюць,
Аж чарты цябе бяруць
İ на скокі падбіваюць.
А Лявон адно гукае:
— Выцінай, бубні, раві!
— Ойча!—дзяк папа штаўхае:—
Не ўстаю—благаславі!—
Поп стаіць, што раз дабрэе,
Шапка споўзвае са лба,
İ рука сама дурэе
Каля правага клуба.
У куток ён кій стаўляе,
Барадою сьцеляпнуў
Ды хламіду распраўляе,
Потым голаву прыгнуў
Ды як рынецца з разгону
Біць абцасам аб абцас.
İ ігрышча ён з амбону
Годзі лаяць на той раз.
1912 г.