Pavel Chumakou

Якуб Колас

ПА ДЗЯДЗЬКОХ

Пакараў мяне бог,

Што павёў па дзядзькох

Вялікодным вясёлым дзяньком.

Піў у іх, колькі мог,

Пластам там чуць ня зьлёг

İ ня зьвяў, не заснуў за сталом.

Ды дазвольце ўжо мне

Аб радні і гульні

Праўду толкам, як ёсьць, расказаць.

Быў выпадак ня ў сьне,

А ў сваёй старане,

Як пашоў я дзядзькоў віншаваць.

Вышаў зранку я ў пуць

İ рашыў ня мінуць,

Не пакрыўдзіць нікога з дзядзькоў:

К тым, хто бліжай жывуць,

Папарадку вярнуць,

А ня рвацца на дзесяць кускоў.

Першы дзядзька—Паўлюк.

Падыйшоў я і—грук,

Аж ён сам ад суседа бягом.

Кінуў дочку ён з рук

İ падняў такі гук,

Што ўсё ходзіць, трасецца кругом.

— Ну, йдзі ў хату!—крычыць,

Дзе, ня знае, садзіць—

Бачу, рад на мяне паглядзець.

Сталі мы гаманіць,

Як на сьвеце нам жыць,

Як нам многа прышлося цярпець

Ад сваіх і чужых,

Ад парадкаў ліхіх,

Ад усякай на сьвеце брыды.

Потым дзядзька прыціх,

Шаптанулі ўдваіх,

Наконт мусіць-быць „горкай вады“.

Потым чую: „Бягай!

Праз пяць хат Аляляй!“

— Э, кінь, дзядзька: навошта яна?

— Што там кінь? Не зважай:

Даў бог сьвята—гуляй!

Не нап’ёмся нябось да п’яна.

Цётка з бутляй прышла

Ды закрасы ўліла,

Каб гарэлка пілася смачней;

Потым крошкі з стала

Чыста сьцерла-зьмяла.

— Ну, дык сунься сюды, брат, бліжэй!

Дзядзька чарку бярэ,

Аб скарач яе трэ

Ды гарэлку ў яе буль-буль-буль!

Ва мне сэрца аж мрэ:

Хто той келіх сапрэ?

Знаць, сухім я ня выйду адтуль!

Чарка, браце, павер:

Як даўнейшы мажджэр—

Проста страшна на падлу зірнуць!

Як кадуб, такі зьвер,

Хоць ячмень ёю мер,

İ прышлося да дна хлясянуць!

Гоніць дзядзька ў галоп,

А мне вочы на лоб

Чуць ня выперла чарка-мажджэр.

Чую, кепска было-б,

Каб яшчэ такі чоп,

Або пару яшчэ такіх мер!

Ды і так я пачуў,

Што мяне штурхануў,

Як-бы стукнуў даўбешкаю хмель:

Чуць мазгоў не зьвярнуў,

Проста сон агарнуў,

Хоць кладзіся ты спаць на пасьцель.

— Закусі-ж. Вось кумпяк.

З хрэнам можа ці так,

Як латвей і смачней на твой густ.

Няма надта прысмак:

Парасюк, як прусак.

Ды стол, дзякаваць богу, ня пуст!—

Закусіў, пасядзеў,

Гаварыў, як умеў.

Да Яхіма я дзядзькі іду.

Я ішоў, весялеў,

З кожным крокам сьмялеў,

Ды яшчэ быў з сабою ў ладу.

Ляпнуў клямкай, ступіў,

Дзьверы я адчыніў—

Ціха ў хаце, нікога няма.

„Дзе-ж-бы дзядзька той быў?

Мо‘ гарэлку глушыў?“

Прамільгнулася думка сама.

Хату я азірнуў

İ храп дзядзькаў пачуў—

На палку дзядзька спаў-спачываў.

Вось я крок сьцігануў,

Голаў трохі прыгнуў,

А Яхім, як пшаніцу прадаў!

Зьбіўся з тропу я спрэс.

— Дзядзька! Хрыстус васкрэс!“

İ ў плячук свайго дзядзьку штурхець!

İдзі ліха на лес:

Ці ня ў гразь я залез?

Ой, раўне, ты глядзі, як мядзьведзь!

Прахапіўся Яхім.

Божа мілы, што з ім!

Не расплюшчыць ніяк ён вачэй!

Я стаю ўсё над ім:

Як паможаш і чым,

Каб расплюшчыў ён вочы хутчэй?

Але лыпнуў сяк-так,

— Ох, заснуў-жа я ў смак!..

Ну, як маешся, браце, жывеш?

İ куды-ж ты, як рак,

Проста высах, бы грак!

Мусіць, крыж ты, брат, цяжкі нясеш?

— А як дзядзька здароў?

Божа, колькі гадоў,

Як рассталіся, дзядзька, з табой!

— Многа, браце, гадоў!

Да сівых валасоў

Вось, як бачыш, даклыгаў ступой…

Ото-ж ты маладзец!

Хоць пабачу цябе пад канец…

Надзя, гэй!.. дзе-ж прапала яна?..

Я адзін, як дубец—

Восьмы год удавец,

Толькі Надзя са мною адна.

Юзік хлеб свой знашоў,

Пётра ў людзі пашоў,

Міхаліна ў жыдоў ад каляд…—

Так гамонім ды зноў

Стол накрыты гатоў

Пірагоў, бабак, скораму шмат.

Дзядзька зараз устаў

İ ў каморцы прапаў—

Засьвярбеў у меня, браткі, нос!

Я нядоўга чакаў:

Дзядзька важна сягаў

İ бутэльку пад пахаю нёс.

Дзюбанулі мы з ім.

Праўда, дзядзька Яхім

Только вусы крыху памачыў.

— Пі ўжо ты, бо старым

Цяжка косьцям маім,

Ды, прызнацца, я сёньня хапіў.

Сядзімо мы, гудзём

İ гаворку вядзём,

İ пра бацьку мы ўспомнілі тут.

— Многа страцілі ў ім,

Кожны ўспомніць дабром,

Хоць у службе ён быў такі крут.

Дзядзька далей расчаў

İ пра бацьку сказаў—

Мо‘ каб горкія думкі прагнаць:—

Доўга грудзі ён ссаў.

Хтось яго запытаў:

„Калі кінеш ты цыцку ўжо ссаць?“

А ён зразу адказ:

„Каля Яна якраз!“

„А по Яне?“ „Касіць я пайду!“

Так гамонка у нас

Заняла добры час,

А нарэшце ўстаю—да Каруся іду.

У Яхіма-ж ізноў

Мажджэр двойчы прашоў,

İ я весел, як мае ўжо быць,—

Яшчэ-ж роўна я шоў.

Хоць сьпяваў ды бяз слоў,

İ язык яшчэ мог мне служыць.

Мяне „Дрогі“ спаткаў,

Падышоў, шапку зьняў,

А я вусы абцёр, расхіліў.

Ён мяне цалаваў,

Да сябе заклікаў,

А нарэшце курыць папрасіў.

Трэці дзядзька—Карусь

Да яго я плятусь.

İ так я сам з сабой гаманю:

Кепска будзе, уп’юсь…

Ды хоць так—не баюсь!..

Вось, дальбог, казаў так, не маню!

Бо я ведаў: „Дзівак“

Добра дасца мне ў знак,

Бо яго—самы большы „мажджэр“.

Я ўжо п’ян, бы латак,

Ды плятуся, аднак,

Адкаціўшы для форсу каўнер.

Пералез я парог

İ галёшы зьняў з ног

İ кажу: „Здрастуй, дзядзька Карусь!“

— Што-ж ты стаў! ці зьнямог?

Сунься дальш у бярлог!—

Я тралюю праз хату, як гусь.

Рада цётка была

İ мяне абняла.

— Ну, прысядзь-жа ты, мой галубок!

Люлька ў дзядзькі храпла,

Сваё нешта вяла,

İ пускаў дзядзька спрытна дымок.

Дзядзька зрэдка пляваў,

Моцны жарт адпускаў

İ сьмяяўся сам дробненька так,

Ды ізноў замаўкаў,—

Нібы ў мысьлях блукаў—

Ну, нядарма празваўся Дзівак!

Неўзаметкі маргнуў,

Дротам люльку прапхнуў,

Хоць-бы слова сказаў да каго.

Колькі раз тупануў,

Да дзьвярэй завярнуў.

İ гарэлка зьявілася ўміг у яго!

Зьняў з бутэлькі пячаць,

Сказаў ягад падаць.

З бутлі ў бутлю гарэлка цячэ.

Чую—трэскі трашчаць,

А там скваркі пішчаць—

То яечаньку цётка пячэ!

Вось мы селі за стол.

Дзядзька пляшку—у пол

İ льле чарку да самых краёў.

İ, зірнуўшы на дол,

Шаргануў свой прыпол.

— Ну, дык будзь-жа, брат Костусь,

здароў!

Галавой целяпнуў,

Чарку спрытна кульнуў,

А другую ўжо мне ён наліў.

Я яе адапхнуў,

Дзядзька зьнізу зірнуў:

— Што-ж, я грошы дарма заплаціў?

İ так вокам павёў,

Што бяз дальшых я слоў

Ня горш дзядзькі „мажджэр“ асушыў.

— Ну, во так і—гатоў!

Вынуў люльку з зубоў,

İ тут жарт дзядзька зноў адпусьціў.

Я сядзеў, як „філін“,

Ў галаве цэлы млын,

А яшчэ двух дзядзькоў абыйсьці!

А „мажджэр“, чортаў сын,

Зноў упёрся, як клін.

— Ну, яшчэ, брат, адну прапусьці!

Што парадзіш? валяй!

Даў бог сьвята—гуляй!

Што казанскай глядзець сіратой?

Прападаць—прападай!

Пі, валі, не шманай—

Як пусьціўся ў дарогу—ня стой!

Ад Каруся ізноў

Да Каруся пашоў:

Двух я маю дзядзькоў-Карусёў.

Пабажыцца гатоў,

Што ня чуўся мазгоў,

А ў вачох сьвет мяцеліцу мёў.

Выпіў-рэзнуў і там,

А як вышаў, і сам

Не магу я ніяк разабраць.

Я ня верыў вачам

İ даў волю нагам

Ды Пятруся іду віншаваць.

Людзі скажуць, як я,—

Горка доля мая,—

Апыніўся у дзядзькі Пятра.

Мне-ж дарога свая

Цямней ночкі была,

Ў цень яе агарнула мара.

Помню быццам праз сон,

Павярнуў там заслон,

Як лез вон з-за стала, каб устаць.

Далей помню—Антон,

Прышоў з „Татусам“ ён

İ вучыў яго рапарт аддаць.

Так я піў і гуляў,

Так дзядзькоў віншаваў

Вялікодным вясёлым дзяньком.

А дамоў як дыбаў,

Дык чарцей я склікаў,

На нябожчыкаў трос кулаком.

İ ўсю ноч напралёт

Чаркі кідалі ў пот,

İ ня мог галавы я падняць.

Дачакаю за год,

Дык кажу напярод:

Не пайду больш дзядзькоў віншаваць.

    1912 г.