Якуб Колас
ПАСЛУШНАЯ ЖОНКА
І
Эх, Тацянка! эх, дзяўчынка!
Дзе радзілася яна?
Таня—гожая былінка,
Таня—красачка-вясна.
Не дзяўчына—чараўніца,
Сьвет схадзі, такой няма,
İ ў палацах-камяніцах
Будзеш ты шукаць дарма,
Бо ня знойдзеш такой кралі,
Як Тацяна Чабарок.
Губкі тыя—ну, каралі,
Бровы—дужачкі-шнурок.
Тонкі стан і тварык белы,
Вочы-зоры—ясны дзень,
А як кіне погляд сьмелы,
Так і згоніць з сэрца цень.
Дух захваціцца хлапчыне,
У крыві агонь гарыць,
Як вачамі толькі ўскіне,
Або сьмехам адарыць.
Сохлі хлопцы па Тацяне,
Увіваліся за ёй
На вячорках, на гуляньні,—
Ды ў Тацяны нораў свой.
Ну, і непакорная,
Ну, і наравістая—
Не кажы да трох!
Бойкая, праворная,
Гора з ёю чыстае,—
Ох, Тацянка, ох!
Толькі і камандуе,
Толькі і загадвае—
Любіць весьці рэй.
Ходзяць хлопцы бандаю,
Ды гадаюць надвае
Цішка і Андрэй:
Ажаніся—клопату
Набярэшся многа ты
Нажывеш бяды.
Будзе шуму-лопату
İ людзкога рогату,—
İ сьвішчы тады.
Хочацца і колецца—
Лёгка заняволіцца,
Дзеўка—крапіва!
Ходзяць хлопцы, галяцца.
Думкі-ж як наваляцца,
Ходзіць галава.
На ўсе рукі хват Даніла,
Спрытны хлопец і дужэц.
Ростам—сажань, плечы—сіла,—
Адным словам, маладзец.
Толькі-ж… эх падбіт Даніла.
Чым? дзявочым хараством…
Эх, Тацяна! што зрабіла
Ты з Данілам-малайцом?
Ды Тацяна маладая,
Калі праўду ўжо сказаць,
На Данілу паглядае
Больш, як трэба паглядаць.
А Даніла не нарокам
Таню-любку пакахаў.
Аб красуні сінявокай
Сьніў і марыў і ўздыхаў.
İ як тут ён ні стараўся
Чары любасьці разьбіць,
Але сам сабе прызнаўся,
Што бяз Тані і ня жыць,
İ што там ні стане,
Яго будзе Таня,
А сам кажа: „Быць ня можа—
Уламлю цябе, нябожа,
Будзеш шоўкавая ты!“
İ да Тані йдзе ў сваты.
ІІ
Жывуць Таня з Данілаю,
İ цешыцца ён мілаю,
А сам ходзіць злы, пануры,
Нездаволены і хмуры,
İ на словы з ёю скупы,
Дзьмецца ўсё, бы мыш на крупы.
Жонка толькі паглядае,
Ды нічога не згадае.
„Чаго смуцен, мой Даніла?
Ці я чым не дагадзіла?
Ці ўжо стала нямілаю,
Што глядзіць ён магілаю?“
Запытала раз самога,
А ён толькі буркнуў строга:
„Будзеш усё ведаць,
Хутка пастарэеш…
Ось давай абедаць—
Потым зразумееш“.
Прамаўчала маладзіца,
За стол мужа просіць сесьці,
Бо спрачацца ці гадзіцца?
За стол селі, сталі есьці.
Раптам пеўнік дзесь з-за печы,
Як і робіць ён спрадвеку,
Ці ў свой час ці не да рэчы,
Як зацягне—какарэку!
Раззлаваўся наш Даніла
İ за печ зірнуў няміла.
— Кыш, маўчы!.. Маўчы, зараза!
А ні чхні!—А пеўнік—зноў.
— Крыкні, ну, яшчэ з поўраза,
Галава твая далоў!—
А Тацянка—зірк на мужа.
„Гэ! няўжо ты злы такі?“
İ спалохалася дужа,
Аж кальнула пад бакі.
Пеўнік-дурань, ня стрымаўся,
Галаву ўгару задраў—
На поўпесьні абарваўся,
Бо Даніла ня ўтрываў:
Хоп за пэўня! на калодку,
Галаву нажом адсек!
Жонку кінула ў дрыготку.
„Ну й сярдзіты-ж чалавек!“
А Даніла хоць-бы слова,
Кінуў пеўня, сам за стол.
Таня пеўніка ў прыпол,
Скубе пеўня адмыслова
İ так спрытна, глянуць міла—
Каб ён толькі не злаваў.
Адвярнуўся ў кут Даніла,
Сьмех яго апанаваў,
Ды нічым тут не азваўся
İ ўсё злосны, бы той воўк.
А тут кот адкуль ні ўзяўся
İ пад локаць яму—тоўк!
— Псік, ня лезь!—а коцік трэцца.
— Таўкані яшчэ—капут!
Тут Тацянка, як сарвецца!
— Псік, дурніца-шалапут!
Сама-ж думае сабе:
„Секане ката по лбе!“
За катка і гоп за дзьверы!
— Псік! хавайся! уцякай!..
İ сярдзіты-ж ён бяз меры!
Ой, Данілу не чапай.
Ой, Даніле не пярэч:
Галаву гатоў адсеч!
ІІІ
У вольныя хвіліны
Зьбіраюцца мужчыны
На прызьбе ці так дзе.
İ гутаркі жывыя,
İ жарты дармавыя,
İ сьмех там загудзе.
Ну, словам, як вядзецца,
Гаворка іх пляцецца,
Ня знаючы цанзур,
Ні густу літарацкага,
İ слова забіяцкага
Ня чэшуць тут пад шнур.
Гаворка йдзе супольная,
Квяцістая ды вольная,
Як коцціца той вал,
Бяз поваду, бяз вобруці,
Усім вядома, добра йсьці,
На ліха тут капрал?
Затое-ж, мае братцы,
Як спрэчкі разгарацца—
Паслухаць іншы раз!
Зайшла і тут гаворка—
Даруй ты мне, Тадорка:
Зачаў яе Тарас,
Хто мае жонку слаўную,
Паслушную ды спраўную,—
Ну, словам, пра жанок.
Крычалі, аж стаміліся,
İ чуць-чуць не пабіліся
З Будзілкам Лабанок.
— Куды варты вашы бабы?
Да работы яны слабы,
А вось Тэкля дык але:
Баба першая ў сяле!
İ паслушна, працавіта,
Да работы прагавіта,
Уварві ды падавай!—
Хваліць жонку Каравай.
— Што?!—крычыць Пятрусь Тачыла:—
Мая Ганна—ўсім прыклад!
— Ці-ж? а мешалкай вазіла,—
Пятруся кальнуў İгнат.
Крык і гоман разрастаўся.
İ канца ім ня відаць.
Тут стары Базыль падняўся.
— Хлопцы, ша! нашто крычаць?
Крыкі спрэчкі не разьвяжуць,
Слухай, Пётра і Кандрат:
Няхай нам жанкі пакажуць,
Ну, паслушнасьці прыклад.
Палажылі грамадою
Жонкам пробу учыніць.
— Пётра! справа за табою—
Годзі, досыць гаманіць!—
Рушыў Пётра першы з месца
İ махае рукавом.
— Эй, Гануля! скажу нешта,
Ну, скарэй адно, бягом!—
Ганна, праўда, падбягае,
Нос уцерла аб падол…
— Ну, чаго табе?—пытае,
Азіраецца вакол.
Змоўклі хітрыя мужчыны.
Муж пачаў свой прыгавор:
— Бачыш, Ганна: унь драбіны—
Завязі іх на свой двор!
— Што?!—Гануля перабіла:—
А бадай ты не даждаў!
Хіба я табе кабыла,
Каб мяне ты запрагаў?—
Так Пятруся адчытала,
Што Пятрусь, як пень стаіць.
İ ў другіх ахвота спала
Баб пры людзях зачапіць.
Тут Даніла засьмяяўся,
Ўперад вышаў і сказаў:
— Я таго не спадзяваўся,
Каб верх жонцы муж аддаў.
Вось Тацяна—срэбра літа.
Хто тут з вашых ёй раўня?
İ разумна, працавіта
İ пакорна, як агня.
Эй, Тацяна! сюды, жыва!
Міг—зьяўляецца яна,
Падбягае і маўкліва—
Мусіць помніць пявуна—
На Данілу пазірае,
А ён толькі ссунуў броў:
— Бач, цялежка вунь старая,
Зацягні яе дамоў!—
İ Тацяна за драбіны,
Ды бягом з канца ў канец!
— Во, Тацяна малайчына!
Во, Даніла маладзец!
1909 г.