Якуб Колас
САВОСЬ-РАСПУСЬНİК
І
Вось што дзеткі, мае краскі:
Што хадзіць за многа міль?
Можа лепей замест казкі
Расказаць вам адну быль?
Згодны?
Добра.
Ну дык вось.
Зваўся хлопчык наш Савось.
Ой, і быў-жа ён дурасьлівы!
У сад лазіў па грушы, па сьлівы,
Дзіркі ў градах рабіў—
Моркву сьцібрыць любіў,
İ маку ён скручваў галоўкі,—
Ну, на гэта быў страх які лоўкі!
А рукі ў яго ня мыты,
Нос не абцёрты.
А сам ён сярдзіты,
Такі задзірака,
Такі забіяка,
Буян,
Грубіян.
Зачэпіць старога,
Пакрыўдзіць малога,
Такі ўжо нягоднік,
Да гэтакі шкоднік!
Бегаў загуменьнямі,
Кідаўся каменьнямі,
Пападаў у шыбы—
Хоць гані з сялібы!
Меў на зло сьмякалку,
Зьніме з вежы галку,
İ такі гарачка,
Няхай яго качкі!
ІІ
У Савосева суседа
Быў пярэсьценькі каток,
Выхаванец Паўла дзеда,
Такі слаўны пястунок!
Нос чарнявы,
Хвост бялявы,
Задзірасьценькі,
Кіпцік-шчыпчык
Заграбасьценькі,
Лапкі-драпкі
Машастовыя,
А шарсьціначкі
Шаўковыя,
Губкі, зубкі
Адмысловыя,
Вусы-русы
Патырчастыя,
Тая сьпінка,
Як націнка,
Выгінастая.
Вушкі-служкі
Ня мыляюцца
Вочкі ў ночку
Запаляюцца.
Ну, такі каток харошы,
Як драпянка за тры грошы!
Хадзіў коцік пад масток,
Лавіў рыбку за хвасток,
Потым дзеду ён на печы
Казкі-байкі варкаваў,
Белым хвосьцікам дарэчы
Тахты сьпевам адбіваў.
Коцік з дзедам жыў у згодзе,
Не сварыліся за печ.
Быў раз коцік на паходзе—
На мышэй падняў ён меч!
Шоў каток з паходу,
Разагнаўшы мышак,
İ сеў на калоду
Пад страху ў зацішак.
Грэе сабе сьпінку,
Мордачку і лапкі.
Зірк—Савось з будынку
Выскачыў бяз шапкі!
За Савосем—Рудзька.
— Кусі ката, цюцька!—
Коцік бедны ўвесь жахнуўся,
Ды на шчасьце быў тут плот,
А пры плоце дуб, і кот
Толькі фыркнуў, мільгануўся
İ на дубе апынуўся.
Сеў каток
На дубок,
Кажа забіякам:
Эх, Савось, шалапай!
Ты мяне не чапай
İ ня цкуй сабакам!
Не ўдалося Савосю
Катка падкусіць
İ прышлося Антося
На помач прасіць.
ІІІ
Вось Савось
İ Антось
Сталіся дружакі.
Каля клуні стаяць,
Штось ліхое таяць—
Радзяцца, вужакі!
Як злавіць ім катка
İ аддаць з малатка
Рудзьку на расправу.
Падшывальцы-ж яны,
İ іх розум дурны
Выдумаў забаву!
А па тэй нарадзе
Саўка торбу крадзе,
Анцік—хлеб сабаку.
А каток на печы
Сеў, як той старэчы,
Яму і ня ў знаку.
Эх, пярэсьценькі каток!
Сьцеражыся ты, браток!
Не хадзі ты па надворку,
Не хадзі гуляць за горку—
Там бяда цябе чакае,
Сам ня ведаеш, якая.
Асьцярожненька хадзі,
За Савосем ты глядзі,
Бо Савось замысьліў штось,
Нездарма з ім і Антось.
Затаіўся ў кутку
Наш Савось і катку
Замаўляе зубы
Для кацінай згубы:
„Ах, ты, коцічак мой!
Які файны ты, ой!
Што за сьпіначка,
Ну, карціначка!
İдзі, коцік, да мяне,
Не пакрыўджу цябе, не!
А якія вочкі!
Бачаць сярод ночкі!
А якія лапкі!
Да як яны цапкі!
Ах, ты, мой каточак,
Чорненькі насочак!
İдзі-ж, коцік, да мяне:
Не пакрыўджу цябе, не.
Яўкнуў коцік, выгнуў сьпінку,
Хвост падняў, як корбу,
Але ў тую-жа хвілінку
Шусь каток у торбу!
IV
İ панесьлі катка ў поле.
А там чыста—ні кусточка,
Ні хваінкі, ні дубочка,
Адны межачкі ды ролі.
Няма дзе катку схавацца:
Чуць сінее лес далёкі,
İ сяло за тры валокі,—
Як катку там ратавацца?
Плача ў торбе коцік, плача:
„Мяў, мне душна! Мяў, мне цесна!
Б’ецца сэрцайка балесна,
Бо мне грозіць сьмерць, няйнача“.
Кот бурчыць і гурчыць,
Лапамі дзярэцца,
А Савось хоць-бы што—
Цешыцца, сьмяецца.
— Ну, спыніся, Антось,
Падзяржы сабаку:
Толькі выпушчу ката,
Цкуй тады ў атаку.
Адышоўся Савось,
Анцік прытаіўся,
İ тут коціку астрог
Раптам адчыніўся.
З торбы выскачыў, прысеў—
Трэба-ж разглядзецца.
Зірк—там Рудзька! што рабіць?
Дзе яму падзецца?
— Цкуй! пускай!—крычыць Савось.
— Кусі ката, Рудзька!..
Ша! чаго-ж так закрычаў
Наш Савось нялюдзка?
Глянуў Анцік—вось дзівота!
Вось дзе ліха, вось бяда!
Што зрабіла ім дурота
İ што сталася з ката!
Вось папаліся дзе змоўцы—
Проста шкода малышоў:
На Савосевай галоўцы
Коцік схованку знашоў!
Лемантуе бедны Саўка,
Ашалелы, чуць жывы
Кот упіўся, ну, як п’яўка,
İ ня зьнімеш з галавы!
Запусьціў капцюр у скуру
Аж да самае касьці.
Скача Саўка з таго дуру
Ды крычыць: „Пусьці! пусьці!“
Рудзька верціцца навокал,
Брэша, цапае катка.
Ай, Савоська, ты мой сокал!
Справа дрэнна і брыдка!
Ой, нагараваліся,
Ой, бяды набраліся
Хлопцы з тым катом!
З поля як вярталіся,
Людзі з іх сьмяяліся,
Тыкалі пярстом.
Шоў Антось уперадзе,
Рудзьку вёў на прывязі,
Пазіраў уніз,
А Савось на водшыбе,
На галоўцы з коцікам,
Шэпчучы: „кіс-кіс!“
İ хоць ён не піонэр,
А чырвоны меў каўнер.
1926 г.