Pavel Chumakou

Якуб Колас

ЗЯЦЬ

        I

    Цешча к зяцю прышла ў госьці.

Ой, сярдзіты быў той зяць!

Ні пяшчоты, ні мілосьці,

А ў мінуты гневу, злосьці

Мог і лейцы ў рукі ўзяць,

Каб паставіць па-сваему

Ды ў свае ўзяць абцугі.

Не праціўся лепш Ахрэму:

Дасьць па карку і—халэмус—

Строгі, хай яго багі!

İ пытае дачку маці:

— Ну, дачушка, як жывеш?

Як паводзіцца у хаці?

— Ох, матулька! што казаці—

Прападзеш з ім, прападзеш!—

    Маладзіца тут у сьлёзы,

Бэсьціць мужа і кляне:

„А бадай яго залозы!

Буркатня адна, пагрозы,

Вокам ласкі ня зірне.

То яму дзяжа ня чыста,

То хлеб прэсны і сыры…

Ой, які ўжо наравісты!

Хоць ты падай прад ім лістам—

İ да трох не гавары!

Будзіць рана да работы,

Нібы наймічку-слугу,

А рабіць няма ахвоты.

Гора з ім адно, згрызоты—

Жыць тут болей не магу!“

— Плюнь, дачушка!—кажа маці,—

Чорт яе, з пакораю!

Што сябе дарма згрызаці?

Заваліся на палаці

Ды прыкінься хвораю!

Ляжы, нібы ў агні,

Ды войкай, ды стагні

İ ад сябе яго гані.

Пячы сабе яечню,

А гаду таму, жоху—

Нішчымнага гароху:

Раняць дух не канечна!—

    İ давай вучыць старая,

Як горш зяцю дапячы.

А ён дзьверы адчыняе!

— Так, так, матка, навучы,

Каб цябе зямля сырая!

Каб разумная да добрая была,

Ты-б на троп дурную навяла,

На дабро-б накіравала,

Гультаіна ты, завала,

Звадыяшка ты, сава,

Дубовая галава!

Ты ў чыю-ж гаворыш руку

İ сыкаеш вужакаю?

А ну, цешча: за навуку,

Хадзі, вось я падзякую!

    Вывеў цешчу ён вон з хаты,

Ды ў борану яе ўпрог!

Аж бражчаць у цешчы пяты,

Проста пыл курыць з-пад ног,

Цягне борану на полі,

Толькі стрыбалкі мігцяць.

— Ся, малая! Гэй, паволі!

Но, кабыла!—сьвішча зяць.

Выпраг цешчу зяць сярдзіты,

Ды па цешчы пугаўём!

Цешча коціцца кулём,

Ды праз поле, ды праз жыта

Смаліць к дзеду пяруном.

        ІІ

    Прычхала дадому,

Засопшыся, цешча,

На зяця старому

İ верне і плешча—

Такі-ж ён паганы,

Такі ўжо зацяты,

Тыран над тыранам,

Ён—гэрад пракляты!

Гатоў ён за словы—

Паслаў ім бог заця!—

Вазіць з лесу дровы!

Табою араці,

Яе ўзяў у клешчы,

Ганяў на палетак,

İ кончыла цешча

Прамову вось гэтак:

— Ой, баржджэй ты, дзед, зьбірайся,

İдзі дочку ратаваць!

Только-ж сам асьцерагайся:

Гэта кат нам, а ня зяць!

А дзед слухаў, зубы сьцяўшы—

Ці праўдзіва-ж гэта весць?

А нарэшце, палку ўзяўшы,

Сам да зяця ідзе цесць.

    За дзьвярамі зяць стхарыўся,

Вуха к дзірцы прылажыў,

Слухаў ён, не варушыўся,

Што цесць жонцы гаварыў.

— Ой, дурная-ж ты, дачушка!

Ці-ж бяз працы можна жыць?

Выкінь дур ты гэту, служка!

Мужу трэба наравіць.

Ён, няпраўда, не нягодны,

Ня дурны ён, ня гультай.

Дык жывеце, дзеткі, згодна

Ды язык ты свой трымай.

— Люба слухаць, што да ладу!—

З-за дзьвярэй гукае зяць:—

За разумную дараду

Ты на покуць, бацька, сядзь!—

Пасадзіў за стол старога,

— Смаж, брат жонка, каўбасу,

А я скочу да Крывога

İ гарэлкі прынясу.—

Запішчалі ў печы скваркі,

Аж зьвініць скаварада.

З рук у рукі ходзіць чарка,

Чэсьць такая, што бяда!

Выпіў цесьць і зьеў на славу,

Хоць жывот расьперажы.

Зяць уважны і ласкавы,

Хоць да раны прылажы!

— Захадзі-ж да нас, старэчы,

Ды часьцей, не забывай!—

İ ўзваліў яму на плечы

Здаравецкі каравай.

Дзед ідзе сабе, сьпявае,

Нібы зяць адмаладзіў.

Каравай ён ледзь трымае,

Аж плячук наверадзіў.

Цешча рукі заламала,

Дзеда згледзіўшы здалёк:

— Во! я борану цягала,

Цесьць з ярмом дамоў уцёк!

         1907 г.